У гарах заўсёды добра думаецца.
Апошнім часам больш за ўсё — пра Беларусь.
У 2015, 2016 і 2018 гадах разам з шэрагам іншых людзей і арганізацый я дапамагаў рабіць народны маніторынг выбараў. Сказаць, што мы хацелі зрабіць “выбары” выбарамі было б недакладна. Зьменшыць колькасьць фальсіфікацый, паўплываць на чальцоў камісій, зангажаваць беларусаў фіксаваць парушэньні — так. Аднак што тады, што цяпер рэзультат галасаваньня быў усім вядомы. Хутчэй, мы спрабавалі паказаць і фактычна даказаць, што выбары сапраўды былі “выбарамі”. Тады гэта было цікава досыць невялікай колькасьці людзей. 2020 год ўсё зьмяніў.
Гэтую кампанію дакладна характарызуюць словы спантаннасьць, стыхійнасьць, раптоўнасьць. Новыя кандыдаты, новыя людзі, новыя дзеяньні. Невядома, што будзе 9 жніўня, невядома, што будзе заўтра, нават невядома, што будзе сёньня. Гэтая невядомасьць, нечаканасьць і нават пэўная гнуткасьць і ёсьць для ўлады найбольш небясьпечнай. Аптыміст бы тут успомніў Караткевіча зь яго вядомым "рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш.” Аднак рэчаіснасьць значна больш скаладаная, і рабіць нейкія прагнозы – пазітыўныя ці негатыўныя – абсалютна недарэчна.
Я лепей зьвярну ўвагу на тое, што мяне зараз уражвае.
Ад самага пачатку ў гэтай кампаніі не было ідэальных кандыдатаў. Шмат кажуць, што ў кожнага/кожнай чагосьці бракуе, штосьці рэжа вуха, нешта падаецца абсалютнай недасьведчанасьцю. Ня тая мова, ня той акцэнт, ня той плян. І гэта мае сэнс, ёсьць фундамэнтальныя рэчы, якія нельга ігнараваць. Няма няважных фактараў, і дасьведчаны палітык пра гэта ведае. Але тое, што мы на дадзены момант маем — гэта нармальна. Палітык — гэта ўсё ж такі, як ні круці, прафэсія. І на гэтае рамяство ў апошнія дзесяцігодзьдзі ў Беларусі накладзена вета.
Дык вось уражвае ў гэтай кампаніі дынаміка. Уражвае дынаміка аб'яднанага штабу (дарэчы, мяркую, што жанчыны – гэта будучыня беларускай палітыкі), уражвае дынаміка лідараў думак, і нарэшце больш за ўсё ўражвае дынаміка людзей у хіба ня кожным беларускім горадзе, мястэчку, вёсцы.
Мне прыемна, што нашае грамадзтва зараз асацыюецца са словамі салідарнасьць і ўзаемадапамога.
Мяне захапляе воля і дух маіх суайчыньнікаў, якія ня хочуць быць залежнымі.
Я ганаруся кожным, хто адстойвае годнасьць і гонар краіны, у якой марыць жыць.
Для таго, каб у нашых умовах зьмяніць уладу, трэба, каб сышлося нямала фактараў. Гэта не немагчыма, але няпроста. Аднак тая зьмена, якая адбылася і якая адбываецца (у гэтую самую хвіліну адбываецца!) сярод шматлікіх беларусаў — гэта ўжо вялікай перамога.
Далей — болей. «Гісторыя свабоды – гэта гісторыя супраціву».